Прапанова Аляксандра Лукашэнкі наконт выкарыстання беларускіх міратворцаў на ўсходзе Украіны — працяг палітыкі, якую Мінск вёў фактычна пасля расійскай анексіі Крыма.

drakahrust2

Цяперашняя ініцыятыва нават па сваёй логіцы і структуры вельмі падобная на прапанову скарыстаць Мінск у якасці пляцоўкі паміж варагуючымі бакамі, прапанову, якая была рэалізаваная.

Чаму ўсе пагадзіліся на Мінск? Ды таму, што Масква і сепаратысты (нават няважна, ці трэба іх разглядаць асобна) не пагадзіліся б ні на які еўрапейскі горад ці ўкраінскі горад пад кантролем Кіева, Кіеў і Еўропа не пагадзіліся б на расійскі горад ці горад у Данбасе пад кантролем сепаратыстаў. Застаўся Мінск, які і прыняў спачатку прэзідэнтаў Украіны і Расіі разам з прадстаўнікамі ЕЗ, а потым і перамоўныя каманды.

Праўда, ёсць пытанне, каму і навошта патрэбныя зараз у Данбасе міжнародныя міратворцы. “Ніякіх міратворчых войскаў ва Украіну ўводзіць не трэба, мы здольныя самі навесці парадак на сваёй зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі”— гэтак пракаментаваў прапанову беларускага кіраўніка дырэктар інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

Годныя словы, але прыгадваецца, што не так даўно такія ж высокія і нават вышэйшыя прадстаўнікі ўкраінскай улады казалі, што з тэрарыстамі не можа быць ніякіх пагадненняў і дамоўленасцяў. Пад мінскім пагадненнем, якое зараз вызначае ваенна-палітычную сітуацыю на ўсходзе Украіны, стаяць подпісы Леаніда Кучмы, як прадстаўніка ўкраінскай улады, і прадстаўнікоў арганізацый, якія тая самая ўкраінская ўлада трактуе як тэрарыстычныя. Так што пазаўчора — «ніякіх перамоваў», а ўчора, як бачым, нейкія. Але і міратворствам можа быць тое самае. Сёння не трэба, а заўтра можа і спатрэбіцца.

Бо якая зараз сітуацыя на ўсходзе Украіны? Калі аб’ектыўна выціснуць сухую рэшту з супярэчлівых заяваў, то становішча можна апісаць адным словам — пастрэльваюць. Усе прызнаюць, што ранейшых паўнамаштабных баявых аперацый з катламі і прарывамі, з сотнямі забітых за дзень, зараз няма. Але пастрэльваюць — разведка боем.

Спыненне агню не зусім поўнае і вельмі хісткае. І гэта, дарэчы, не нейкая асаблівасць цяперашняга канфлікту. Наагул часам складваецца ўражанне, што для разумення таго, што там адбываецца, лепш чытаць не навіны і сучасныя каментары, а гісторыю падобных канфліктаў. А хіба не пастрэльвалі (і не пастрэльваюць) падчас ізраільска-палестынскіх спыненняў агню, якіх за гады існавання Ізраіля былі сотні, калі не тысячы, хіба не пастрэльвалі падчас перамір’яў у дзвюх чачэнскіх войнах? В’етнам, Альжыр, Афганістан — яно заўсёды так бывала. Салдаты са зброяй стаяць твар у твар, узаемнай нянавісці — праз край, людзі не робаты. Да таго ж неўрэгуляванасць галоўных палітычных пытанняў спараджае спакусу парушыць перамір’е, каб атрымаць заклад на будучыню.

Па ідэі інфраструктуру спынення агню павінны забяспечваць назіральнікі АБСЕ. Але праблема ў тым, што бяззбройныя назіральнікі мала што могуць. І таму ідэя, каб паміж аўтаматамі, гатовымі страляць, устаў аўтамат міратворца, не выглядае такой ужо і абсурднай. Міратворцы не прынясуць мір, яны не развяжуць палітычны вузел. Але пастрэльванне прадухіліць могуць, хаця б часткова.

Калі палічыць, што гэтая ідэя не пазбаўленая сэнсу, то чые міратворцы маглі б быць мінімальна прымальнымі для бакоў, каго б не разглядалі, як яшчэ аднаго ворага? Расійскія? Ну для Кіева і для Захада гэта будзе проста фармалізацыяй расійскага ўмяшання, расійскай акупацыі. Краінаў НАТО? Дык сепаратысты і Масква і зараз суб’ектыўна вядуць барацьбу з «натаўскай акупацыяй рускага свету». А калі натаўскі салдат устане ў Данбасе ўжывую, гэта не ўмацуе, а разбурыць усе перамір’і. А каму іманентны вораг беларускі салдат? А як бы і нікому. Тая жа схема, як з Мінскам, як пляцоўкай для перамоваў. Лукашэнка працягвае збіраць ураджай ад сваёй пазіцыі пэўнага нейтралітэту і лавіравання.

Не, калі б Украіна мела магчымасць «навесці парадак на сваёй зямлі» не ўмоўна, «калі будуць выведзеныя замежныя войскі», а безумоўна, то і пытання б не паўставала. Нават і у мінскіх пагадненнях патрэбы б не было. Разграмілі б сепаратыстаў і іх расійскіх памагатых, вызвалілі ад іх сваю зямлю — і непатрэбныя былі б ніякія перамовы і ніякае міратворства. Але ж не атрымліваецца. Ну а калі не атрымліваецца, то могуць разглядацца самыя розныя варыянты.

Наўрад ці Лукашэнка надта разлічвае, што яго прапанова наконт беларускіх міратворцаў будзе прынятая. Хаця б таму, што на Захадзе існуе распаўсюджанае меркаванне, што калі залежнасць Беларусі ад Расіі — з’ява складаная і шматпланавая, то беларускае войска — гэта фактычна ваенная акруга ўзброеных сілаў Расіі. Меркаванне можа і не зусім праўдзівае, але рызыка занадта вялікая.

Аднак, як казаў кітайскі класік ваеннай думкі Сун Цзы, «выйграць сто бітваў — гэта не вяршыня ваеннага мастацтва, вяршыня — перамагчы ворага без бітвы». Лукашэнка гэтай мудрасці і спрабуе следаваць. Ён набірае ачкі і ў выпадку, калі прапанова прымаецца, і ў выпадку, калі не.

Ачкоў такіх у цяперашнім канфлікце ён ужо набраў даволі шмат — ад змякчэння стасункаў з Захадам да экспартных даходаў ад «беларускіх мідый». Але міратворчыя прапановы не абавязкова тлумачацца адно разлікам на кароткатэрміновыя выгады. Бо ў доўгатэрміновым перыядзе Расія на маршы — гэта небяспечны сусед. Не тое, што ў генштабе РФ ляжаць распрацаваныя планы ўварвання ў Беларусь, гатовыя ў хуткім часе ўвасобіцца ў жыццё. Можа і не ляжаць. Але ваенны імпэт (ці псіхоз) — рэч такая, ніхто не ведае, хто стане яго аб’ектам заўтра. Таму ачкі ачкамі, бонусы — бонусамі, але Лукашэнка і праўда зацікаўлены ў тым, каб канфлікт у Данбасе быў калі не вырашаны, то прынамсі замарожаны. Тут, дарэчы, ягоныя памкненні супадаюць і з накірункам беларускай грамадскай думкі.

Ну а міратворчая прапанова… Хто ведае? Пастрэльванне ж і сапраўды мае месца, не факт, што праблему можна вырашыць адно дыпламатычным шляхам ці ўмацаваннем групы назіральнікаў АБСЕ. Так што не выключана, што ідэя міратворства ва Украіне праз пэўны час увасобіцца ў жыццё, магчыма, з удзелам і беларускіх салдат.

Крыніца: Юрый Дракахруст, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...