Блізкія 21-гадовага Аляксандра Коржыча перадалі ў рэдакцыю Радыё Свабода фотаздымкі цела загінулага, на якім відаць вялікія гематомы. Сям’я і сябры ня вераць у афіцыйную вэрсію і дабіваюцца расследавання.

3 кастрычніка Аляксандра Коржыча нібыта знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён здзейсніў суіцыд. Карэспандэнты Свабоды пагутарылі з Сяргеем Дзятлам, блізкім сябрам, мужам стрыечнай сястры загінулага.

У рэдакцыі Радыё Свабода ёсць фотаздымкі цела Аляксандра. На іх выразна відаць вялікія гематомы на галаве і тулаве.

Суразмоўца кажа, што ня верыць у афіцыйную вэрсію, як і ўсе сябры Аляксандра. Яны збіраюць усе магчымыя доказы таго, што Аляксандар Коржыч не збіраўся накладаць на сябе рукі, а таксама факты пра тое, што ў ягонай часьці была «дзедаўшчына». У панядзелак, 9 кастрычніка, сябры загінулага паедуць ў Следчы камітэт і пракуратуру дабівацца належнага расследавання.

Аляксандр Коржыч

 

Як распавёў Сяргей Дзяцел, да войска Аляксандар Коржыч працаваў на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, рамантаваў аўтамабілі. Суразмоўца кажа, што Аляксандр вельмі любіў аўтамабілі і добра разбіраўся ў іх. Перад сыходам у войска ён прадаў сваю машыну, каб па вяртанні купіць іншую.

Аляксандар Коржыч быў адзіным дзіцём у сям’і, найбліжэйшай, апроч бацькоў, яму была стрыечная сястра, з мужам якой, Сяргеем Дзятлам, пагутарылі карэспандэнты Свабоды.

За два тыдні да смерці абяцаў маці прыйсці ў звальненне

«Яму ад войска ўвесь час адтэрміноўкі давалі, у яго былі праблемы з сэрцам. А апошні раз выдалі позву, прызналі годным. Ён сказаў, што бегаць ня будзе, адслужыць гэтыя паўтара года, і не будзе ніякіх праблем.

Перад тым як ісці ў войска, пачаў рамонт у кватэры, паставіў кухню новую… А за два тыдні да смерці тэлефанаваў маці і казаў, што яму абяцаюць звальненне на 3 дні, то ён прыедзе і даробіць адкосы на вокнах.

Чытайце па тэме:  Маці супраць трансплантолагаў: Органы важней за жыццё?

Апошнія гады я з ім зблізіўся, ён стаў больш дарослы, усім дапамагаў, хто да яго звяртаўся, і мне дапамагаў. Ён ніколі не адмовіў нікому. Трэба некуды паехаць хоць уначы — без праблемаў».

З карткі Аляксандра Коржыча ў час яго службы здымалі грошы ў розных гарадах

«Калі ён сыходзіў у войска, то з сабой узяў банкаўскую картку. На ёй было каля 500 рублёў. Усё выявілася таму, што гэтая банкаўская карта была прывязаная да ягонага айфона, які ён пакінуў у сябра перад сыходам у войска. У прыкладанні на тэлефоне было бачна, што з гэтай карты ўсё здымаецца і здымаецца, і, у прынцыпе, зараз гэта можна ўжо поўнасцю ўсё адсачыць. Зняццё грошай адбывалася ў розных месцах — і ў Жодзіне, і ў „Барысаў-Арэне“, і ў Менску.

Ужо потым выявілася, што ўвесь час яму пераводзілі грошы — сваякі і сябры. Ён тэлефанаваў і прасіў у каго 30 рублёў, у каго 50. Але ў той час ніхто ня ведаў, што так шмат іх пераводзіцца. У яго было на карце 500 рублёў, і дзесьці 400 яшчэ накідалі сябры. Ну вось — дзесці 900 рублёў за 4 месяцы ў яго „пайшло“.

Нам пасля ўжо распавялі іншыя салдаты, што суткі знаходжання ў гэтай частцы, каб цябе не білі, „каштуюць“ 15 рублёў. Гэтыя грошы трэба плаціць сяржантам. Куды далей гэтыя грошы сыходзяць, ніхто ня ведае. У галаве не ўкладаецца, што так можа быць.

Калі мама да яго ездзіла, то ён ёй распавядаў, што грошы вымагаюць. Пра фізычны гвалт не казаў. Здавалася, усё было нармальна, але апошнія два тыдні да смерці ён перастаў тэлефанаваць зусім. А калі і тэлефанаваў, то з нейкіх чужых тэлефонаў. Пасля таго, як знайшлі яго мёртвым, пры ім тэлефону не было. А ягоны тэлефон апынуўся ў аднаго з сяржантаў. Гэта мне сказаў камандзір, калі мы з ім гутарылі. У ліставанні з сябрамі ён паведамляў, што яму 4 тыдні заставалася да пераводу ў Слонім, казаў, што гэтыя 4 тыдні датрывае і перавядзецца адтуль».

Чытайце па тэме:  Севярынец: якое гэта Мінабароны, калі беларусаў забіваюць у сваім войску!?

«Яго не маглі знайсці»

«Яны яго не маглі знайсці, ён знік, і яны яго шукалі 5 дзён па частцы. 26 верасня яго выпісалі з мэдроты, а пра ягоную смерць паведамілі 3 кастрычніка. Мы задавалі пытанне, чаму нічога не паведамлялі сваякам за гэтыя дні, нам сказалі, што ў мэдроце думалі, што ён ужо ў частцы, а ў частцы думалі, што ён яшчэ ў мэдроце.

Нам не хацелі паказваць цела. Калі мы прыехалі ў Барысаў, першае пытанне, якое нам задалі, — «як вы так хутка змаглі дабрацца?» Мы 410 кілямэтраў праехалі за тры гадзіны. Маме патэлефанавалі дзесці ў 21.40, яна патэлефанавала нам, прыехалі сябры яго, і мы праз хвілін трыццаць ужо выехалі. І прыехалі ў 2.30 ночы. Яны нас не чакалі. Яны ведалі, што бацька Сашы не жыве з мамай, ведалі, што мама адна.

Нас запрасіў адзін з камандзіраў. Усе апускаюць вочы долу. Ніхто нічога не тлумачыць. Нам казалі, што едзьце, маўляў, дадому, мы яго прывязем. Мы запярэчылі, што ня з’едзем, пакуль нам яго не пакажуць. Уначы нам не паказалі ані яго, ані месца, маўляў, працуе Следчы камітэт. Мы заначавалі ў Барысаве і запатрабавалі раніцай, каб нам паказалі яго. Нам паказалі яго толькі а 17-й гадзіне».

Што такое «сабачая смерць»?

«На галаве ў яго крывападцёк, і нейкія незразумелыя нібыта тоненькія адтуліны, як быццам яго шылам ці нечым такім калолі.

Чытайце па тэме:  Олег Волчек дает показания по делу исчезнувшего мальчика в Следственном комитете

Ананімны вайсковец паведаміў нам, што яго знайшлі павешаным са звязанымі нагамі і на галаве было нешта кшталту балаклавы — у іх гэта называецца «сабачая смерць». Накідваецца рэмень, які зацягваецца на шыі, а расцягнуць яго немагчыма, таму што такі мэханізм там.

Я сам доктар, калі паказалі яго, першае пытанне да судовага мэдыка было, чаго такая странгуляцыйная баразна. Калі чалавек сам вешаецца, яна ня можа быць аднолькавай па ўсёй акружнасці. Калі ж чалавека душаць, у яго атрымоўваецца завершаная странгуляцыйная баразна. А калі чалавек вешаецца, яна больш выяўляецца спераду, а ззаду — меней, таму што ціск ззаду меншы.

Потым, калі запыталі ў следчага, каб патлумачыў, што здарылася, ён нам адказаў, што тут і тлумачыць няма чаго — гэта суіцыд».

«Ужо ня першы выпадак»

«Гэта ўжо ж ня першы выпадак такі ў гэтай частцы за год. І маёй жонцы тэлефануюць цяпер маці хлопцаў, якія загінулі да гэтага. І ўсё — адзін у адзін.

Хлопчык, які загінуў да Аляксандра, незадоўга патэлефанаваў бацькам, распавёў ім пра сваю сытуацыю, бацька патэлефанаваў начальніку часткі, прыгразіў, што калі не разбяруцца, то звернецца ў пракуратуру. Праз дзьве гадзіны сын ператэлефанаваў, што пытанні ўсе ўрэгуляваныя, усё добра. А праз 12 гадзін бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што ён павесіўся.

Калі было пахаванне, прыехалі ж сюды і вайскоўцы. Пачалі збірацца Сашавы сябры, і калі ўжо ў двары не было дзе паркавацца, стаяла пад сотню чалавек, то прыехала міліцыя і стала паміж вайскоўцамі і людзьмі. Вельмі баяліся, што будзе самасуд.

Мама — просты чалавек, яна слаба разумее, як дабівацца. У яе зараз адна толькі мэта — каб Сашу адпелі. Бо ніхто адпяваць не захацеў. А я і сябры Сашы — мы будзем займацца расследаваннем».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.