Гэтым разам Зміцер Лупач аплаціў 36 базавых (882 рублі) амаль тысячай манет, паведамляе Белсат.

Зміцер Лупач аплаціў штраф пакетам манет

 

Штраф прысудзіў Глыбоцкі суд за матэрыял пра збіццё міліцыянтамі пенсіянера. На пачатку жніўня журналіст яго заплаціў, але не Глыбоцкі рахунак, а на Докшыцкі.

Зміцер Лупач сабраў дакументы, напісаў заяву, каб гэтыя грошы перавялі на правільны рахунак. Іх перавялі, але ўжо памылка была ў супрацоўнікаў Докшыцкага райвыканкаму. Яны выбачаліся перада журналістам і сказалі прыехаць забраць грошы.

«Я прыехаў, грошы мне ў касе вярнулі, і я хацеў заплаціць іх у Глыбокім. Але судовыя выканаўцы мне сказалі, што яны павінны былі другі раз рабіць пералік самі, а мне грошы не даваць у рукі. Раз аддалі, то я лічуся асобай, якая пратэрмінавала плацёж і налічылі мне 10% дадаткова, якія я заплаціў крыху раней», – распавядае журналіст.

Асноўны штраф цягам трох тыдняў журналіст намяняў манетамі і сёння занёс у банк.

«Размяняў купюры. Сабраў 257 двухрублёвак, 190 рублёвых манет, 238 пяцідзесяцікапеечных, 130 дваццацікапеечных, 80 дзесяцікапеечных і 10 манет па 5 капеек. Засталася яшчэ жменька больш дробных, іх я трымаю на браслаўскі штраф. Для яго я планую сабраць больш дробных манет», – кажа Зміцер Лупач.

Паводле фрылансэра, у касе банку вялікага шоку ён не выклікаў. Касірка прынесла адзіную на ўвесь банк машынку і даволі хутка справілася з падлікам.

4 верасня журналіста аштрафавалі на 882 рублі за апытанне мінакоў у Браславе 5 ліпеня наконт таго, што думаюць мясцовыя жыхары пра затрыманне свайго былога кіраўніка Дранеўскага. Гэты штраф яшчэ не ўступіў у законную сілу, бо Зміцер абскарджвае яго ў Віцебскім абласным судзе. Суд у Віцебску пройдзе 26 верасня.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: