Алесю Ляўчуку прыслалі павестку ў суд за 14 хвілінаў да ягонага пачатку, а потым прысудзілі Br 612,5 штрафу за рэпартаж пра карупцыю ў Берасці.

Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту штраф 25 базавых велічынь. Аб судовым паседжанні Алесь Ляўчук даведаўся за чатырнаццаць хвілін да яго пачатку. Нагодаю стаў матэрыял пра карупцыйную схему берасцейскіх чыноўнікаў.

Яшчэ летась «Белсату» стала вядома, што вуліцу Шаўчэнкі ў Берасці адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што ўсю. Нашая здымачная група адправілася туды і зняла на месцы рэпартаж.

Сюжэт выклікаў незадаволенасць у мясцовых уладаў.

26 лютага супрацоўнік Маскоўскага РАУСу Раман Трафімук ўручыў Алесю Ляўчуку пазоў у міліцыю проста ў краме. На наступны дзень міліцыянты склалі на Ляўчука пратакол паводле артыкулу 22.9 КаАП (парушэнне закону аб СМІ).

Алесь Ляўчук паказвае пратакол на ганку РАУСу. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

 

Таксама Раман Трафімук даў падпісаць журналісту паперу, што суд адбудзецца 2 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Берасця, але ў гэты дзень суд так і не адбыўся.

Раніцай 3 сакавіка а 9:46 Алесь Ляўчук атрымаў СМС-паведамленне, што разгляд ягонае справы адбудзецца а 10:00.

Патрапіць за чатырнаццаць хвілін на працэс журналіст не мог фізічна

 

«Мала таго, што артыкул 22.9 КаАП РБ, па якім судзяць незалежных журналістаў, не можа прыменяцца да фізічных асобаў, дык міліцыя і суддзі не могуць так выканаць сваю працу, каб нешта не парушаць, – кажа Алесь Ляўчук. – Мяне належным чынам не апавясцілі пра судовае паседжанне, таму мы з адвакатам будзем аспрэчваць гэтае рашэнне. Калі дрэнных работнікаў не карае дзяржава, місію іх перавыхавання напэўна прыйдзецца на сябе ўзяць мне».

Чытайце па тэме:  Баяцца праўды як чорт ладана. Журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 805 рублёў

Цікава, што ў 2015 годзе Раман Трафімук ужо складаў на Ляўчука пратакол, а Раман Карабан прысудзіў тады журналісту таксама без яго ўдзела 21 базавую. З 2014 году Ляўчука па артыкуле 22.9 КаАП РБ судзілі ўжо пяць разоў і за гэты час прысудзілі штрафу на 146 базавых велічыні.

belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: