За апошнія дваццаць год прафесія журналіста змянілася да непазнавальнасці – у першую чаргу, дзякуючы хуткаму развіццю інтэрнэта, новых тэхналогій і лічбавай эканомікі. Паступова мяжа паміж традыцыйнай і інтэрнэт-журналістыкай знікае: большасць медыяў, у тым ліку “старога” фармату (газеты, радыё або тэлебачанне) маюць сваё прадстаўніцтва ў Інтэрнэце.

Иллюстрация: pymnts.com

 

Стаць журналістам у нашыя часы можа амаль кожны. Раней, каб нешта апублікаваць і зрабіць гэта даступным большаму колу чытачоў, чым уласныя знаёмыя і родныя, трэба было ўладкавацца на працу ў рэдакцыю або выпусціць кніжку, але нават гэта не гарантавала папулярнасці вашага кантэнту. Гэта было звязана з іншым стылем працы і іншымі патрабаваннямі да журналістаў, чым мы маем цяпер.

Марцін Герман

 

Сёння літаральна кожны мае шанец дасягнуць мільённай аўдыторыі ў лічаныя хвіліны. Што ж тады значыць – быць журналістам у XXI стагоддзі? Трэба не забываць, што існуе розніца паміж прафесійнай і аматарскай журналістыкай, хаця адрозніць першую ад другой робіцца ўсё болей складана. Але для патрэбаў гэтага артыкулу будзем лічыць што журналіст/супрацоўнік медыяў – гэта асоба, якая прафесійна (у якасці асноўнага публічнага занятка) займаецца медыямі і публікацыяй матэрыялаў або дапамогай у публікацыі матэрыялаў, якія не з’яўляюцца выключна камерцыйнымі або рэкламнымі.

Што яшчэ – апроч прафесійнага занятку публікацыяй матэрыялаў – адрознівае журналіста або супрацоўніка медыяў? Ад тыповага інтэрнэт-журналіста чакаюць усебаковасці, а гэта значыць – не толькі напісання тэкстаў, але таксама іх рэдагавання, стварэння і размяшчэння відэа і графікі, вядзення профіляў сваёй рэдакцыі або прамавання ўласных матэрыялаў у сацыяльных сетках і г.д.

У мінулым у журналіста была вялікая перавага над не-супрацоўнікамі медыяў, хаця б таму, што ён меў доступ да тэхналогій, інфармацыі і людзей, да якіх не мелі доступу звычайныя людзі. Звычайны чалавек не мог проста так паразмаўляць з палітыкам ці знакамітасцю. Апроч таго, журналісты мелі нашмат болей знаёмых, чым звычайныя людзі. Мяжа паміж журналістам і спажыўцом медыяпрадукту была яснай і выразнай.

У нашыя часы звязацца можна практычна з кожным, – напрыклад, з дапамогай сацыяльных сетак, – і гэта не зойме шмат часу. Тэарэтычна, кожны можа напісаць або зняць і апублікаваць рэпартаж або інтэрв’ю. Інтэрнэт таксама дае карыстальнікам вялізныя магчымасці па доступу да інфармацыі. Прафесійны журналіст/супрацоўнік медыяў аднак мае пэўную перавагу: кантактуючы са знешнім светам, ён прадстаўляе пэўны інстытут – сваё СМІ, таму павінен мець большыя магчымасці для атрымання інфармацыі або выказванняў, якіх, напрыклад, няма ў Інтэрнэце. У яго таксама болей часу на заняцце журналістыкай, бо гэта ягоная асноўная, а не дадатковая дзейнасць.

У дадатак журналіст/супрацоўнік медыяў натуральным чынам з часам набывае болей здольнасці і ўмення арыентацыі ў медыйнай (у тым інтэрнэт-) прасторы ў адрозненне ад чалавека, які не займаецца гэтым прафесійна. Такім чынам, сучасны журналіст можа і павінен выконваць функцыю правадніка ва ўсё большым акіяне інфармацыі.

Апроч магчымасці скантактавацца з людзьмі і атрымаць інфармацыю, якую немагчыма знайсці ў Інтэрнэце, журналіст/супрацоўнік медыяў павінен умець знаходзіць важную, цікавую і каштоўную інфармацыю, аддзяляць сапраўднае ад смецця, спалучаць факты з агульнавядомых навін. Апошняе ў “неаналагавую” эру цяжка даецца маладым людзям. Ім можна дапамагчы, падвышаючы якасць медыяў, публічнай дыскусіі і самой рэчаіснасці. Гэта асабліва важна ў цяперашнія неспакойныя часы, калі Інтэрнэт усё больш ператвараецца ў камерцыйную альбо прапагандысцкую махіну. Яго заліваюць плыні няпраўды і рэкламныя і піяр-прадукты, якія выдаюць сябе за навіны, а таксама неістотныя або неразумныя паведамленні. Роляй сучаснага адказнага журналіста/супрацоўніка медыяў, у дадатак да традыцыйных роляў (такіх як апісанне рэчаіснасці, канроль над уладай, атрыманне інфармацыі і д.п.) з’яўляецца вяртанне і ў медыяпрастору, і асабліва – ў Інтэрнэт, ўзаемапавагі.

Усё гэта, канешне, тэорыя, бо на практыцы шмат журналістаў і іншых супрацоўнікаў медыяў паддаюцца негатыўным трэндам і лічаць, што толькі так сёння можна ўвогуле застацца ў прафесіі. Частка з іх, асабліва памаладзей, проста не ведае, што можна працаваць іначай. Аднак усяляе надзею тое, што зараз у шматлікіх краінах ідзе дыскусія пра выклікі і магчымасці, якія дае медыям дынамічнае развіццё новых тэхналогій. Правільная пастаноўка дыягназу і апісанне сітуацыі – гэта палова поспеху на шляху да выпраўлення сітуацыі.

Інтэрнэт усё яшчэ можа стаць прасторай інфармацыі, развіцця цывілізацыі і культуры і свабоды ў добрым разуменні гэтага слова. Нельга недаацэньваць ягоную ролю – асабліва ў аўтарытарны краінах, дзе ўсе або амаль усе “галоўныя” медыі знаходзяцца пад кантролем улады. З аднаго боку, улады там стараюцца (і гэта праяўлялася не раз) выкарыстоўваць інтэрнэт ва ўласных мэтах, у тым для кібератак і так званых “інфавойн” не толькі супраць апазіцыі ва ўласнай краіне, але і супраць дэмакратычных краін. З іншага боку, нягледзячы на ўсе спробы, улады не могуць поўнасцю падпарадкаваць сабе Інтэрнэт. Таму інтэрнэт-журналістыка там усё яшчэ застаецца адзіным шанцам на доступ грамадзян да праўдзівай і праверанай інфармацыі.

У канцы варта заўважыць, што журналістыка – гэта ў пэўным сэнсе пакліканне і/ці захапленне. Можа не ў такой ступені, як праца лекара, артыста або святара (гэтыя прафесіі найчасцей звязаныя з такімі тэрмінамі), але ў гэтай прафесіі немагчыма існаваць без хаця б мінімальнай дозы захаплення і паклікання.

Марцін Герман, для Беларускай праўды

Даведка. Марцін Герман – рэдактар парталу Kresy24.pl, журналіст, публіцыст, супрацоўнічаў, у прыватнасці, з Польскім агенцтвам друку, Gazeta Polska, Rzeczpospolita, Dziennik Bałtycki і Gazeta Bankowa

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: