Сяргей Дылюк трапіў у івацэвіцкую лякарню з сатрасеннем мозгу, сінякамі і кровападцёкамі. Спадар распавёў журналістам, што яго збілі міліцыянты.

svaboda.org

svaboda.org

57-гадовы жыхар Івацэвічаў Сяргей Дылюк кажа, што 23 студзеня да яго прыехалі міліцыянты ды завезлі ў РАУС, дзе некалькі супрацоўнікаў яго збівалі, змушаючы прызнацца ў крадзяжы:

«Каля 7 ранку ў дзверы пагрукалі міліцыянты. Кажуць, паехалі, маўляў, размова ёсць. Забіраюць з хаты, завозяць у аддзел… То нейкі ровар на мяне „вешалі“, потым нейкую прыстаўку. Я так разумею, тэлевізійную прыстаўку, якая яшчэ можа быць прыстаўка?.. Ну вось, папабілі-папабілі… Страсенне мозгу, ногі пабілі. Выбівалі на сваю карысць. То я і кажу, усё, давайце, я буду падпісваць, што браў я, і адчапіцеся ад мяне. У выніку апынуўся ў лякарні… Нагамі, кулакамі білі. Я памятаю раз ды праз раз. Быў упаў на лаўку, участковы выходзіў, ды яшчэ кулаком зверху стукнуў, і паплыло ўсё ізноў. Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на… Я галавой у сценку. Гестапа!»

svaboda.org

svaboda.org

Пасля РАУС Сяргей прыйшоў дахаты. Кажа, што было дрэнна, нават выклікаў хуткую. А ўжо ў панядзелак пайшоў у лякарню, дзе яго паклалі ў траўматалогію, паведамляе Радыё Свабода.

Спадар Сяргей не ведае імёнаў тых, хто яго збіваў, але кажа, што памятае іх у твар. Мужчына кажа, што некаторыя зь міліцыянтаў, якія яго білі, прыходзілі да яго ў лякарню:

Чытайце па тэме:  Алег Волчак: Калі міліцыя не зменіць сваю палітыку, сітуацыя выбухне (відэа)

«Яны былі тут у мяне. Як і што, куды, маўляў, заяву буду пісаць. Я кажу, што не ведаю, але трэба бараніцца».

Сяргей Дылюк кажа, што міліцыянты намякалі яму, каб нікуды не скардзіўся. Тым не меней у прысутнасці журналістаў ён напісаў заявы ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб распачалі крымінальную справу па факце збіцця і пакаралі вінаватых.

Мужчына кажа, што яму тут цяпер і дапамагчы няма каму. Са сваякоў засталася толькі жонка нябожчыка брата:

«Я застаўся адзін, браты памерлі. Жыву па „ціхай вадзе“. Дзе прыйдзецца — падпрацую. Ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. 57 гадоў пражыў на свеце і ні разу не прыцягваўся», — кажа Сяргей Дылюк.

Атрымаць каментар прадстаўнікоў праваахоўных органаў пакуль не ўдалося. Тэлефоны адказных за прадстаўленьне інфармацыі СМІ не адказваюць.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.