Прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча “Далягляды Зінаіды Бандарэнкі. Шлях да Беларусі” запланавана на 14 траўня. Сродкі на выданне кнігі былі сабраныя праз паспяховы краўдфандынг на платформе “Талака”, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Зінаіда Бандарэнка і Аляксандр Тамковіч

 

25 красавіка народнай артыстцы Беларусі споўніцца 80 гадоў. Будучая кніга — гэта каля трыццаці гадзін размовы, 250 старонак тэксту, звыш за 300 унікальных фотаздымкаў, расповеды пра нікому невядомыя старонкі жыцця, любоўныя інтрыгі, выклікі ў КДБ, цікавыя акалічнасці сустрэч з Машэравым, Кісялёвым, Брэжневым, Гарбачовым, Лукашэнкам і іншымі вядомымі VIP-амі.

Пакуль выданне знаходзіцца ў друку, яго аўтар Аляксандр Тамковіч адказаў на пытанні сайта ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

— Спадар Аляксандр, пачнем з крыху правакацыйнага пытання. Большасць сённяшняга пакалення актыўных журналістаў (40 гадоў і маладзей) ніколі не працавалі разам з Зінаідай Бандарэнка, для многім з іх яна — савецкі наратыў. Ваша кніга напісаная для старэйшага пакалення калег?

— Пану Богу больш бачна, але хутчэй за ўсё мне не давядзецца адказаць на гэта пытанне праз 40 гадоў. А шкада. Вельмі хочацца паглядзець, колькіх сучасных зорак журналістыкі тады будуць памятаць людзі.

А кнігай старэйшага пакалення “Далягляды Зінаіды Бандарэнкі” варта лічыць вельмі ўмоўна. Калі прааналізаваць спіс тых, хто падтрымаў праект, будзе бачна, што толькі палову з іх можна аднесці да той катэгорыі.

І ўвогуле з якога ўзросту трэба казаць пра “старэйшае пакаленне”? Вы ім лічыце мяне. Студэнты журфака — Вас.

— 250 старонак тэксту. Ці здольныя людзі сёння прачытаць такі аб’ёмны матэрыял пра, безумоўна, важную асобу, але не прэзідэнта, уплывовага палітыка, “вяршыцеля лёсаў”? Існуе небяспека, што кнігу проста паставяць на паліцу?

— Я добра разумею, што такое “много буков”, таму тэкст у кнізе зойме толькі каля паловы плошчы. Па сутнасці, гэта будзе фотаальбом з падрабязным, шчырым аповедам пра цікавы жыццёвы лёс. Да таго ж, я мала ўяўляю, навошта купляць кнігу, каб потым паставіць яе на паліцу.

— Некаторыя лічаць, што Зінаіда Бандарэнка — проста папулярны дыктар свайго часу, як Кацярына Андрэева на расійскім Першым канале. Цябе паказваюць па тэлебачанні, пазнаюць, ты маеш доступ да першых асобаў. Але ты чытаеш тое, што загадае рэдактар: прапаганда, савецкі застой, афіцыйныя зводкі пра Афганістан, Чарнобыль. Вы згодныя з гэтым?

— Не зусім. Адзін мой добры знаёмы падчас нефармальных сустрэч заўсёды чытаў пранікнёны верш пра Леніна, пытаўся прозвішча аўтара і потым сам яго агучваў. Дык вось, тым паэтам быў адзін з самых яскравых прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасцяў.

А калі палічыць, тых, хто зараз расказвае пра свае дысідэнцтва, іншадумства і апазіцыйнасць камуністам, то можа скласціся ўражанне, што КПСС некалі складалася амаль з адных бамжоў і недавумкаў.

Гэта я да таго, што часта тое, які чалавек абраў шлях на будучыню, больш важнае за яго мінулае. Выбар і канфармізм, на шчасце, далёка не заўсёды сінанімічныя па сутнасці. Безумоўна, ва ўсе часы ёсць нямала тых, каго ўлада змагла “прыручыць” і “прыкарміць”. Аднак, ёсць і тыя, хто не дазваляе гэта зрабіць.

Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка пры жаданні магла б быць у фаворы і сёння, але ж яна адважылася пайсці супраць плыні. Ёй было што губляць. Гэтым такія людзі і адрозніваюцца ад розных андрэевых.

— Дзякуючы сваёй пазнавальнасці ў 1990-х Зінаіда Бандарэнка магла б займець поспех у палітыцы і нават вылучыцца на прэзідэнцкую пасаду, як зараз гэта адбываецца ва Украіне. Верагодна, магла стаць прэзідэнтам, змяніць краіну. Чаму, на Ваш погляд, гэтага не адбылося?

— Не лічу падобныя версіі чымсьці сур’ёзным. Перш за ўсё таму, што ў нас ужо ёсць адзін чалавек, які “спакойна” стаў прэзідэнтам, а колькасць прозвішчаў тых, хто гіпатэтычна мог бы яго “спакойна” замяніць, пераваліла за сотню. На мой погляд, гэта і ёсць савецкі наратыў, пра які Вы казалі на пачатку размовы. З маленства нас вучылі, што кожная “кухарка” можа кіраваць краінай.

Рады, што ад самой спадарыні Зінаіды, я пакуль не чуў нічога падобнага. Хочацца верыць — у яе няма маніі вялікасці. Ведаю вельмі шмат прыстойных людзей, якія таксама маглі б змяніць краіну, але гэта не азначае, што кожны з іх можа “спакойна” яе ўзначаліць.

— Як сама спадарыня Зінаіда паставілася да Вашай ідэі напісаць пра яе кнігу?

— Лагічна было б спытаць у яе самой. Адназначна толькі тое, што я ніколі і нікому не буду рабіць улётак, справаздач, рэкламных агітак, альбо ператварацца ў нейкага літаратурнага раба. Як бы каму гэтага і не хацелася.

Канешне, у пэўным сэнсе Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка з’яўляецца крыніцай аўтарскай інфармацыі, але я не хачу гэтым абмяжоўвацца. У дадзеным выпадку імкнуся ва ўсім слухаць яе, аднак хачу, каб прыслухоўваліся і да мяне, як да аўтара кнігі. Спадзяюся, яна гэта добра разумее. Як і тое, што тэкст, які складаецца з адных прозвішчаў і рэверансаў, ніхто чытаць не будзе. У адной рэкламе сцвярджаецца, што за жыццё мы сустракаем 80 тысяч чалавек. Каму патрэбны механічны пералік імён і прозвішчаў?

Ідэю напісання кнігі мне прэзентаваў муж Зінаіды Аляксандраўны Генадзь Кап’ёў. Калі чалавек, які нічога не бачыць, прапануе табе альбом, складзены са зробленых ім газетных выразак-артыкулаў пра сваю жонку, гэта надзвычай кранальна. Так што Генадзя Мікалаевіча я магу назваць сваім суаўтарам у першую чаргу.

Дарэчы, праца над кнігай (дзякуй Людміле Мірзаянавай за ідэю) падказала думку зрабіць цэлую біяграфічную серыю “Шлях да Беларусі”, якую ўхваліла Святлана Алексіевіч і параіла ў якасці кансультанта Уладзіміра Арлова. З задавальненнем магу паведаміць, што Уладзімір Аляксеевіч ужо даў згоду.

Сапраўды, цікавых шляхоў да Беларусі вельмі шмат, і пра многія з іх варта расказаць больш падрабязна. Аповед Зінаіды Аляксандраўны будзе дэбютным у гэтай серыі.

— Хто з публічных персон найбольш ахвяраваў на выданне кнігі і ці былі такія, на падтрымку каго Вы спадзяваліся, але атрымалі адмову?

— Менавіта Святлану Алексіевіч я хачу назваць самай першай. Як і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Моцна падтрымалі ідэю стварэння кнігі незалежны тэлеканал “Белсат”, фонд “Вяртанне”, віртуальная бібліятэка “Камунікат” і самы вядомы мецэнат апошняга часу Ігар Жабароўскі. Напэўна, ёсць сэнс назваць яшчэ больш за 200 прозвішчаў, але лепш гэта зрабіць на прэзентацыі.

Што датычыцца тых, хто па розных прычынах не далучыўся да спонсараў праекта, то, як кажуць – Бог усё бачыць. Агідна, крыўдна толькі тое, што сярод іх ёсць былыя і будучыя кандыдаты ў прэзідэнты, лідары палітычных партый і рухаў, вядомыя праваабаронцы, грамадскія дзеячы, бізнесмены, вельмі блізкія да спадарыні Зінаіды людзі.

— Збіраць грошы на выданні ў Беларусі няпроста. Як Вы матывуеце сябе, калі апускаюцца рукі?

— Шчыра кажучы, я думаў, што на гэты раз усё будзе на парадак лягчэй, бо даволі шмат людзей называюць Зінаіду Аляксандраўну легендай, мадоннай, каралевай і г. д. На жаль, памыліўся. У рэале выйшла ўсё не зусім так, як гэтага можна было чакаць.

Калі нехта думае, што пад вядомае прозвішча лёгка знайсці матэрыяльную падтрымку, то ён глыбока памыляецца. Што я толькі не прыдумляў, каб зацікавіць людзей, аднак часта далей падабаек у Facebook справа не ішла.

Кіраваць краінай — без праблем… А вось знайсці 25 рублёў, каб замовіць кніжку — праблема… На гэтым хачу засяродзіць увагу асобна.

Краўдфандынг — не ёсць у чыстым выглядзе дабрачыннасць. Сярод спонсараў праекта толькі некалькі чалавек адмовіліся ад пэўнай кампенсацыі. Абсалютная большасць жадае атрымаць кнігу, то бок зрабіла поўную перадаплату. І гэта цалкам нармальна — людзі сваімі грашыма падтрымліваюць праект і маюць поўнае права на тое, каб не толькі бачыць, але і мець тое, што яны падтрымалі. Словам, калі б не іх дабрыня, нашай камандзе давялося б надзвычай складана. А матывацыя ў мяне была вельмі простай — калі не атрымліваецца, значыць, я сам нешта раблю не так.

— Гэта 21-я Ваша кніга. Ваша жонка і дачка не раўнуюць Вас да кніг? Ніколі не казалі: “Ну адпачні ты ўжо”?

— Усё з дакладнасцю да наадварот — жонка лічыць, што я працую вельмі мала… Калі ж казаць сур’ёзна, то я хачу падзякаваць ім за падтрымку — удзячны і жонцы, і дачцэ за тое, што ніколі не называлі мяне геніяльным.

— Прэзентацыя, канешне ж, пройдзе ў Палацы Рэспублікі? Калі?

— Люблю добрыя жарты. У Палацы Рэспублікі будзем праводзіць прэзентацыі, толькі пасля пераезду туды офіса БАЖ.

Папярэдне — 14 траўня, галерэя TUT.BY. Аднак усё яшчэ можа змяніцца па незалежных ад нас прычынах. Бясспрэчна толькі тое, што будзем імкнуцца, каб тыя, хто падтрымаў праект, пра яго не паспелі забыцца.

Гутарыў Барыс Гарэцкі

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...