Лідар “Маладога фронта” Зміцер Дашкевіч вызвалены пад падпіску аб нявыездзе праз тры тыдні пасля затрымання. На ім вісіць абвінавачанне ў “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.

Зміцер Дашкевіч, svaboda.org

 

“Падвяла кішка”, – кажа Зміцер Дашкевіч пра затрыманне. Разам з Арцёмам Леўчанкам яны замовілі баршчу, калі ўсталёўвалі мэблю ў сям’і Арловых 22 сакавіка. Аднак замест дастаўшчыкаў ежы ў кватэру ўварваліся прадстаўнікі правахоўных органаў.

Пасля затрымання яго прывезлі дамоў. Ператрус трываў 5-6 гадзінаў. У яго канфіскавалі 17 бел-чырвона-белых сьцягоў, 3 мегафоны і 300-400 даляраў, якія сям’я Дашкевічаў адкладалі на адпачынак.

Дашкевіч застаецца падазроным па частцы 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса, нагадвае Радыё Свабода.

Сваё затрыманне ён называе “анекдотам”. Першапачаткова яму прад’явілі дакумент, у якім ён абвінавачваўся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з 2011 года. Насамрэч, да 2013 года Дашкевіч быў у зняволенні.

“КДБ не можа прызнаць, што ўсё гэта ахінея, – кажа Дашкевіч. – Я не даваў ніякіх паказанняў”.

“Мажліва, мы разлічваемся за Курапаты, за збор подпісаў за сцяг. Гэта асабістая помста”, – лічыць Дашкевіч пра сваё затрыманне.

Як яму распавялі, з 21 сакавіка пачалі перавозіць усіх затрыманых з СІЗА на Валадарскага ў Жодзіна. А калі яго прывезлі 22 сакавіка, ён сядзеў адзін у 3-4-мясцовай камеры.

“У рэжыма сарвала дах, – кажа Дашкевіч. – І была каманда зачысціць. Ва ўзурпатара ёсць толькі адзін механізм: аўтазакі, затрыманні, турмы”.

Дашкевіч лічыць, што ў КДБ не было чаго прад’яўляць у якасці абвінавачання, а таму разлічваў выйсці з СІЗА праз 10 дзён.

“Каб была нейкая інфармацыя пра “Белы легіён”, даўно ўжо пра гэта было б вядома, – кажа Дашкевіч. – Арматура пад Асіповічамі ў бутэльках – гэта а-ля пацукі 2006 года”.

Ён лічыць, што астатніх затрыманых па справе могуць яшчэ месяц-два пратрымаць у СІЗА. Ён не ўяўляе, як з такой базай доказаў, якая ёсць у КДБ, справу патрыётаў можна давесці да суду.

“Спадзяюся, усе затрыманыя будуць вызваленыя”, – сказаў Зміцер.

Паводле Дашкевіча, праваахоўнікі абыходзіліся з ім вельмі карэктна.

На пытанне журналістаў, ці будзе працягваць працу клуб “Ваяр”, Зміцер Дашкевіч адказаў, што пасля такіх гучных арыштаў наступныя два гады дзейнасць вайскова-патрыятычных клубаў будзе сцішаная.

“У нас такая традыцыя: мы распісаліся пасля Раства, а вызваляемся напярэдадні Вялікадня”, – сказала жонка Наста Дашкевіч.

Наста Дашкевіч сказала журналістам, што яна – ужо даволі вопытная жонка і палітзняволеная – уражаная той хваляй салідарнасці і прапановаў дапамогі з боку розных людзей, якая абрынулася на яе пасля арышту Змітра.

“Я буду далей працягваць звяржэнне старога рэжыму. Буду звяргаць старыя кухні і шафы ў кватэрах, – жартуе Дашкевіч.- Святкуем Пасху. Хрыстос уваскрос!”


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Add comment

E-mail is already registered on the site. Please use the Login form or enter another.

You entered an incorrect username or password

Sorry, you must be logged in to post a comment.