“Пазнаёміліся каля турмы, прапанову зрабіў з турмы, распісаліся ў турме” – у гэтую кароткую фразу ўпісваецца ўсё сумеснае жыццё Насты і Зміцера Дашкевічаў.

Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Чыстая ўтульная кватэра на першым паверсе “сталінкі”. У цэнтры Мінска, непадалёк ад офіса Партыі БНФ, жыве маладая пара: Наста і Зміцер Дашкевічы.

Зміцер толькі што вярнуўся з працы (працуе індывідуальным прадпрымальнікам: робіць мэблю), а Наста завіхаецца каля пліты – рыхтуе вячэру.

Найперш гаспадары ад пуза накармілі журналіста Беларускай праўды блінамі з мачанкай, пасля чаго за сталом пацякла няспешная гаворка-ўспамін. Пра першую сустрэчу, пра іскру, якая прабегла паміж маладымі людзьмі, пра турмы, вяселле і планы на будучыню.

Наста: Я далучылася да Маладога фронта ў той час, калі Зміцер адбываў адміністрацыйны арышт. На першай управе мне паказвалі “БелГазету” з адбіткам ног Дашкевіча

Зміцер: Была акцыя на дзень працоўных масаў. Мы са Статкевічам дамовіліся нешта замуціць у парку Янкі Купалы, і мяне выносілі наперад нагамі.

Наста: Не! Якраз была акцыя да гадавіны рэферэндуму – пазнаёміліся мы тады. Мне паказалі гэтую газету, сказалі: гэта наш “предводітель”, ён сядзіць. Кажу: нічога, цікавы маладзён. І ўсё! Пасля з сябрамі мы паехалі сустракаць Змітра з Акрэсціна і там першы раз пабачыліся.

Фота Еўрарадыё

Фота Еўрарадыё

-Пра які рэферэндум гаворка?

Зміцер: Пра рэферэндум 2004 года. На Кастрычніцкай плошчы Лукашэнка агучваў рашэнне пра рэферэндум. Сабралі мітынг на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць спачуванне Расіі, дзе напярэдадні адбыўся тэракт. Па журналістах пайшла пагалоска, у палітычнай тусоўцы, што Лукашэнка будзе абвяшчаць рэферэндум.  Дакладнай інфармацыі ні ў кога не было – мы з дзясяткамі двума “маладафронтаўцаў” ішлі паглядзець. Мы стаялі якраз пад маніторам на Кастрычніцкай, і Лукашэнка: “Я несу хрустальный сосуд…” Усе ў шоку – калі ты ўжо даносішся? Пачалі крычаць: “Ганьба!”

Фота mfront.net

Фота mfront.net

-Гэта была першая сустрэча? А як далей развівался вашыя адносіны? Зміцер – начальнік у “Маладым фронце”, а Наста падпарадкоўвалася начальніку?

Зміцер: Начальства ў “Маладым фронце” – даволі ўмоўнае паняцце заўсёды. Арганізацыя функцыянуе на грамадскіх пачатках – ніхто нікому нічога не абавязаны: кожны, хто на бярэ на сябе абавязацельствы, робіць абсалютна добраахвотна. Калі чалавек кажа канкрэтна: я зраблю тое і тое, тады з яго пытаюць. Так што начальства, як такавога, у “Маладым фронце” не было і няма.

-Іскра прабегла між вамі на першай сустрэчы ці пазней?

Наста (смяецца): З іскрамі складана. Трэба ж разумець, штомне тады было 14 гадоў, мне ўсё было весела і цікава.
У “Маладым фронце” заўсёды панавала сяброўская атмасфера, таму ўсе тусаваліся разам, сябравалі, працу збольшага рабілі разам. І Зміцер не цураўся ніякай працы – заўсёды разам з актывістамі. Таму мы часта перасякаліся, часта бачыліся, планавалі мерапрымествы. І так цягнулася гадамі…

калаж з сацсетак

калаж з сацсетак

Зміцер: Пакуль іскра не прабіла (смяецца).

Наста: Іскра прабіла ўжо пасля першага вызвалення Змітра. А пасля ягонага вызвалення са Шклова ўжо ўзнікла пытаннечка…

-Як стаяла гэтае пытаннечка?

Зміцер: Пытанечка завісла між небам і зямлёй (смяецца разам з Настай).

Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

-Калі ўзніклі між вамі сур’ёзныя стасункі?

Наста: У турме. Недзе паміж Валадарскана і Камсамольскай. У 2011 годзе.

Зміцер: Такое можа быць толькі ў нашым ненармальным грамадстве. Пазнаёміліся каля турмы, прапанову зрабіў з турмы, распісаліся ў турме – ёсць за што сказаць турме “дзякуй”.

Не шкадую ні пра адзін дзень, праведзены ў турме, якая шмат што дала не толькі для маральна-духовага сталення, але і адкрыла вочы на тое, якая цудоўная дзяўчына – Настасься – была побач са мною столькі год. Маё каханне ўзразтала павольна. Знаходзячыся на свабодзе, я, на жаль, гэта не вельмі цаніў. Хаця, што таксама праўда, бачучы пачуцці Настачкі я проста, як зараз разумею, баяўся пасягальніцтва на сваю ўласную свабоду. Жыў па прынцыпу: усё дзеля Фронта! Тым больш, перамога здавалася такою блізкаю (сумна ўсміхаецца). Дзякуй Богу, што я зразумеў сапраўдную ерархію ў жыцці, без якой усё ідзе наперакасяк, якая заключаецца ў трох словах: Бог, сям’я, Бацькаўшчына. А ў мяне ж было так: Малады Фронт, Малады Фронт, Бог. За што я і заплаціў многімі шышкамі і падзеннямі. Зараз, дзякуй Яму за навуку, я разумею, што калі Бог на першым месцы, тады ўсё астатняе – на сваіх.

Фота БелаПАН

Фота БелаПАН

Бо калі твой кіраўнік Госпад – ты ніколі не заблукаеш. Калі ты пасвячаешся сям’і, правільна яе будуеш і на патрэбным падмурку выхоўваеш дзяцей, Бацькаўшчына будзе трываць. Паглядзіце навокал, колькі такіх прыкладаў, калі ў самаахвярнага патрыёта вырастаюць дзеці, якія не жадаюць размаўляць па-беларуску. Паўстае пытанне: як ты жыў? І ўвогуле: для чаго ты жыў? Я ўжо не кажу пра тое, як ня могуць кіраваць у сваёй сям’і, а жадаюць кіраваць масамі – прыкладаў безліч. Пачынаючы ад першай асобы дзяржавы, якая дэкларацыю ў ЦВК падае на адну жонку, дзяцей робіць з другой, на хакей ходзіць з трэцяй. Таму толькі так: Бог, сям’я, Бацькаўшчына.

-Як вашыя бацькі ўспрынялі навіну, што збіраецеся распісацца?

Зміцер: Мой бацька ведаў Насценьку, Насцін бацька мяне ведаў даўно. Калі я зрабіў прапанову Настачцы з Валадаркі, недзе на Пасху 2011 года, мы планавалі браць шлюб па маім вызваленні. Але калі стала зразумела, што канца-краю майму двухгадоваму тэрміну няма (там накідваюць, там пагражаюць накінуць), мы вырашылі распісацца, хаця для нас гэта была намінальная працэдура, і таму мы свой шлюб адлічваем з дня вяселля ў царкве.

-А як гучала прапанова рукі і сэрца, памятаеце?

Зміцер: Ну й пытаннечкі вы задаеце (смяецца). Так і гучала: Насценька, кахаю, жыць не магу, будзь маёй жонкай.
Я таксама напісаў Настачкаваму тату з просьбай дазволіць узяць у жонкі ягоную дачку.

Наста: А бацька адказаў?

Зміцер: Так! Толькі не памятаю: адразу ці праз нейкі час.

-Пярэчанняў не было?

Зміцер: Не.

Фота з сямейнага альбома

Фота з сямейнага альбома

-Літаральна праз месяц вы чакаеце дзіця. Каго – хлопчыка ці дзяўчынку?

Зміцер:  Дзяўчыначку. Мы павінны былі ісці разам на УЗІ, калі мяне апошні раз засудзілі на 25 сутак. Заместа таго, каб пайсці на УЗІ, валяваўся на бетоне ў “стакане” Першамайскага райаддзела, а пасля мяне павезлі на суд. І на судзе Насценька мяне абрадавала…

-Было пра што падумаць 25 сутак… Як назавеце дачку – імя ўжо падабралі?

Зміцер: Амаль што вырашылі, але пакуль падрабязнасці агучваць не будзем. (Справа ў тым, што пра цяжарнасць Насты журналісты даведаліся раней, чым бацькі маладых, за што Зміцер атрымаў кухталёў. Таму зараз пра ўсе навіны найперш мусяць даведвацца бацькі, і толькі пасля – журналісты. – Рэд.).

-Якія далейшыя планы? У Зміцера нібыта 27 траўня закончыўся прэвентыўны нагляд…

Зміцер: Відаць, яшчэ не закончыўся. Казалі, што працягнуць прэвентыўны нагляд, хаця мяне ніхто не папярэджваў, ніякай інфармацыі на гэты конт я не маю – ні ад інспектара, ні з суда. Таму існуе вялікая верагоднасць, што днямі прынясуць пастанову суда пра новыя тры ці колькі мсяцы прэвентыўнага нагляду…
Увогуле супрацоўнікі Першамайскага РУУС мяне папярэдзілі, што ў выпадку яшчэ аднаго парушэння ўзбудзяць крымінальную справу за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Зважаючы на два маіх папярэджанні, ім трэба яшчэ адно, каб мяне пасадзіць. Ведаючы, у якой псіхушцы мы жывём, справа гэта вельмі простая.

-То бок, цяпер вы жывяце як на іголках?

Зміцер: Ды не, не на іголкам, нармальна спакойна жывём, наколькі можна спакойна жыць у нашай краіне. І так зразумела: у любы дзень могуць прыйсці і забраць. На сённяшні дзень беларускі аўтарытарны рэжым настолькі звар’яцеў, што каб пасадзіць у турму, не трэба нічога арганізоўваць і нічым займацца – дастаткова толькі тваёй наяўнасці ў гэтай дзяржаве: вяртаешся з працы да дому, а цябе бяруць пад белы ручкі, як гэта сталася перад чэмпіянатам свету па хакеі.
Гэтак жа і перад выбарамі могуць саджаць. Але выбары пасур’ёзней за чэмпіянат: ідзеш па вуліцы – раз, цябе на годзік у турму. А што ў турме за годзік можа адбыцца – аднаму Богу вядома.

Мы разумеем, у якой краіне жывём; мы ніколі не адмаўляліся, што працягнем займацца грамадскай і палітычнай дзейнасці. Толькі, натуральна, трэба разумець, што я не магу дазволіць сабе тое, што мог да шлюбу. Раней мог адседзець у спецпрыёмніку, выйсці і за новую акцыю зноў сесці. Каб я сёньня рухаўся так, як я рухаўся на пачатку 2000-ых, я б з турмы не вылазіў.

Ды раней і сістэма іншая была. Я памятаю як мы праводзілі акцыі на Дзень святога Валянціна: некалькі тысяч чалавек вадзілі па Мінску, і калі акцыя праходзіла без сутычак з АМАПам – нікога не садзілі, усе спакойна клаліся спаць у сябе доба. Хаця амаль усе акцыі былі несанкцыянаваныя. Зараз не патрэбныя ніякіх акцый: удзень толькі заявіш пра мерапрыемства, а вечарам за табой ужо прыйдуць. Таму, натуральна, я цяпер не такі актыўны, як раней. Але мы не можам адмовіцца ад палітычных перакананняў,  ідэйных поглядаў. Мара нашага жыцця – каб Беларусь адрадзілася, каб мы жылі ў свабодзе, а не страху. Наколькі мы зможам сабе дазволіць, будзем дзеля гэтага прыкладаць усе высілкі.

-У побытавым плане вы прыстасаваліся ўжо да волі?

Зміцер: Я даўно прыстасаваўся! Мне здаецца, гэта нейкая выдумка, што пасядзеў пару гадоў, выйшаў – і трэба нейкая акліматызацыя.  Для мяне суткі-двое – і ты забываеш пра турму. Гэта ў турме трэба некалькі месяцаў, каб пачало здавацца, што ў цябе няма ішншага жыцця. Пару месяцаў – і табе здаецца, што ты нарадзіўся,вырас і жывеш у турме, а твая сям’я – зэкі ў робах. А на волі за дзень-два можна абсалютна забыць пра пад’ём у 5, баланду…

-А чым Наста цяпер займаецца?

Наста: Як і раней, вучуся ў ЕГУ, на чацвёртым курсе факультэта паліталогіі. Можа быць, калі-небудзь скончу, калі ён не разваліцца да гэтага часу. Адзін год застаўся…

Зміцер: Ужо з дачкой разам заканчваць будзеце (усміхаецца).

Наста: Дагэтуль трохі працавала ў кампаніі “Гавары праўду”, але апошні месяц ужо не. Больш дома, займаюся побытавымі справамі. Рыхтуюся, збіраю для дачкі рэчы.

Калі не лічыць, што перадачамі для Зміцера займалася, пакуль сядзеў. А апошнія пару тыдняў спакойнага жыцця рыхтуемся да жыцця новага…

На вяселлі Севярынцаў, фота з сямейнага альбома

На вяселлі Севярынцаў, фота з сямейнага альбома

-Плануеце абмежавацца адным дзіцем?

Наста: Не, абмяжоўвацца не будзем.

Зміцер: Для чалавека, які верыць у Бога, такія апытанні абмяркоўваць не вельмі карэктна: Жыццё дае толькі Бог і мы не жаем браць на сябе Ягоныя паўнамоцтвы.

Наста: Мне і Змітру хацелася б сям’ю вялікую. А як выйдзе – так і выйдзе.

-Але ў нашай “сацыяльна арыентаванай” дзяржаве ёсць абмежавальнік – матэрыяльнае становішча.

Зміцер: Глупства! Чыста з эгаістычных перакананняў выдумалі “матэрыяльнае становішча”. Мой бацька, 38-га года нараджэння, вырас у сям’і з пяцёра дзецьмі; усе выраслі, усе атрымалі вышэйшую адукацыю – тады вышэйшая адукацыя што зараз ступень кандыдата, усе сталі кімсьці ў гэтым жыцці. А зараз так разважаюць: у нас ёсць кватэра, адно дзіця – і хопіць. Пабудуеш мне дом – раджу другога. Гэта шкурніцкая псіхалогія, якой ахоплена і нашае грамадства, і ўсе постхрысціянскія краіны.

Канкрэтны прыклад. Сям’я сябра БХД Леаніда Скарабагатага, які днямі замаўляў у мяне пару шафаў, мае дзесяць дзяцей – сям’я да апошняга часу жыла ў двухпакаёвай кватэры. Зараз толькі дзяржава дала ім участак у Мінску пяць сотак і збудавала ім трохпавярховы драўляны дом. У доме нічога няма, але тым не менш. А да апошняга часу 10 чалавек – старэйшыя ўжо выкладаюць у школе, а маленькія толькі-толькі падрастаюць. Людзі вераць у Бога і ў іх усё добра – калі яны жывуць не толькі для сябе.

-Гэта сужыцель ці сужыцелька ваша? (На каленях у журналіста ўтульна прымасціўся кот ці кошка, якая ў самы апошні момант перакінулася да гаспадара. – Рэд).

Зміцер: Напалову. Так атрымалася, што калі мяне забралі на тры гады, гэта яшчэ быў сужыцель, а калі выйшаў – ужо не магу разабрацца (смяецца). Гэта кот Леапольд. Мне сказалі, што яго чуць-чуць, а як гэтае чуць-чуць вярнуць… Лёпачка, – гладзіць коціка да яго і звяртаючыся, – я табе ўсё вярну! Усё-усё! (кот ліжа яму нос) Клянуся, толькі грошыкаў зараблю паболей, бо вярнуць даражэй, чым страціць (смяемся ўсе разам).

А ў Насценькі ёсць кошачка Кіса – дзікушчая! Мне, во кіпцюр пракусіла (паказвае пашкоджаны палец), ужо два месцы адрастае…

Успаміны заўсёды размываюць пачуццё часу. Але ноч не гумовая, раніцой – на працу.

Да сустрэчы, гасцінны дом!

Крыніца: Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...