У Менску праходзіць форум прадпрымальнікаў з грамадзкага аб’яднання «Пэрспэктыва», якое аб’ядноўвае гандляроў мясцовых рынкаў і дробных крамаў.

Анатоль Шумчанка на форуме прадпрымальнікаў

 

Паводле старшыні «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, праблем у дробных прадпрымальнікаў ня стала менш, а вось колькасць ІП скарацілася.

«Мы пра гэта папярэджвалі, калі прымаўся сумнавядомы 222 указ. Гэтак і здарылася. ІП стала меней на 27 тысяч, удвая скарацілася наша доля ў розьнічным гандлі».

Паводле Анатоля Шумчанкі, улада па-ранейшаму толькі абяцае індывідуальным прадпрымальнікам падтрымку, але на справе робіць вельмі мала.

«У нас няма мэты дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, мы хочам працаваць гэтак, каб пра нас ня згадвалі, як было 5 гадоў таму. Але не атрымліваецца. Я яшчэ спадзяюся на сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду, што нас пачуюць. Але паслухаем галасы з рэгіёнаў — там цярпенне канчаецца», — сказаў Анатоль Шумчанка.

«Давялі людзей да таго, што майткі ў растэрміноўку бяруць»

Залю проста ўзарвала эмацыйным выступам Святлана Калачова, прадпрымальніца з Гомля:

«Усё набалела. Скажу ўсю праўду, хай мяне потым выводзяць адсюль», — папярэдзіла прадпрымальніца і пачала пералічваць праблемы. Паводле Святланы Калачовай, падчас леташняй барацьбы за адмену 222 указу прадпрымальнікам абяцалі, што іх патрабаванні пачуюць, усе спадзяваліся на працоўную групу, але — марна.

Святлана кажа, што рэзка знізіўся попыт на тавары, бо ў людзей няма прыбыткаў, заробкі ў рэгіёнах па 200–300 рублёў лічацца добрымі.

«Давялі, што ў мяне па „халве“ (сыстэма растэрміноўкі са зніжкамі. — РС) майткі купляюць».

«Увесь народ вас ціха ненавідзіць, — звярнулася прадпрымальніца да чыноўнікаў. — У нас усе дзеці зь’ехалі з краіны. Ні ў кога са знаёмых не засталіся. Брэст і Гродна — у Польшчу і Эўропу, з Гомля і Віцебску — у Расею. Усе паз’яжджалі, як з падводнай лодкі. Гэта дзякуючы вам, наша ўлада».

Паводле Святланы, прадстаўнікоў азіяцкіх краін, якія таксама працуюць на гомельскіх рынках, праверкі чамусці не чапаюць.

«Мы робім высновы, народ ня дурань. Мы яшчэ вельмі карэктна гаворым. Нас дасталі. Гэта бязмозгласць. Законы, якія вы прыдумляеце, — шкодніцкія. Мы спадзяёмся дажыць да часу, калі нехта адкажа за тыя здзекі, якія робіць улада з народу», — скончыла прамову Святлана Калачова пад авацыі.

Гандляры з Барысава гатовыя да пратэсту

Паводле барысаўляніна Ўладзімера Сітнікава, у іхнім горадзе таксама гандляры вось-вось выйдуць на стыхійны мітынг. Жарсці закіпелі пасля таго, як да ўлады ў горадзе прыйшоў новы чалавек, які нібыта задумаў закрыць 4 дзейныя рынкі і перавесці ўсіх гандляроў на іншае месца.

«Новы „мэр“ гораду ў нас працуе толькі два месяцы. У яго меркаванне, што рынкі павінны знікнуць. На 4 рынках працуе да 2 тысяч ІП. На самым вялікім — 650 чалавек. 5 снежня ўжо было рашэнне па першым з рынкаў — „Стадыён“, каб зусім знесці. Ускоснае пацверджанне — непрацяг арэндных дамоваў з гандлярамі», — сказаў удзельнікам форуму Ўладзімер Сітнікаў.

Паводле ягоных слоў, калі дойдзе да закрыцця, гандляры, якія бралі крэдыты для развіцця бізнэсу, ня змогуць плаціць па крэдытах і страцяць укладзеныя грошы.

На прамову Ўладзімера Сітнікава адгукнуліся каля 40 прадпрымальнікаў, якія прыехалі на форум з Барысава. Яны гатовыя спыніць працу зусім.

«Нас хочуць перасяліць у раён каля могілак, там нібыта будзе новы рынак. Гэта на ўскраіне гораду, туды ніхто не паедзе», — выказалася з залі прадпрымальніца Ірына.

Барысаўскія прадпрымальнікі кажуць, што гатовыя ладзіць дэманстрацыйную акцыю — разам прыйсці да гарвыканкаму і здаць свае дакумэнты на права гандлю. Яны кажуць, што на плошчу выйдзе некалькі соцень чалавек.

Прадстаўнік Мінэканомікі Пётар Арушаньянц, які ўдзельнічаў у працы форуму, паабяцаў, што паедзе ў Барысаў разабрацца ў канфліктнай сытуацыі.

Выступілі таксама прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Павал Філіпаў і дарадца Фонду спрыяння развіццю прадпрымальніцтва Тацяна Быкава.

Удзельнікі форуму прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» прынялі рэзалюцыю з пералікам сваіх патрабаванняў да ўраду. У ёй, сярод іншага, — патрабаванне «прывесці ў строгую адпаведнасць з Законам дзейнасць аб’ектаў гандлю асобаў з Сярэдняй Азіі».

Стала горш — вынікі апытання прадпрымальнікаў

Напярэдадні форуму «Пэрспэктыва» правяла анкетаванне індывідуальных прадпрымальнікаў. Некаторыя вынікі:

  • Сярод гандляроў беларускіх рынкаў 40 працэнтаў — з вышэйшай адукацыяй. 50% пашлі ў бізнэс пад прымусам жыццёвых абставін, каб выжыць.
  • Крыніцы фінансавання ІП: больш за 80% развіваюць свой бізнэс на ўласныя грошы, банкаўскім крэдытаваннем могуць скарыстацца толькі 5–8%.
  • У сем’ях прадпрымальнікаў па 2–3 чалавекі на ўтрыманні, некаторыя гадуюць унукаў. 99% выжываюць, а ня мараць пра развіццё бізнэсу.
  • Кажуць, што праграма пад лёзунгам «Купляйце беларускае» правалілася. Толькі 2% кажуць пра станоўчы вынік развіцця свайго рэгіёну, 60% мяркуюць, што справы ў рэгіёне пагоршыліся.
  • 62% сказалі, што за год у іх знізіўся прыбытак.
  • 59% прадпрымальнікаў называюць асноўнымі пагрозамі для сваёй дзейнасці ўрад і прэзыдэнта.
  • 90% заявілі, што гатовыя пратэставаць і баставаць.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: